Адам Глёбус
* * *
Засьнежаны сквэр,
сабачы брэх над рэчкай
разьлягаецца.
* * *
Качар на хвалях
вузкай балотнай рэчкі,
сьнег на берагах.
* * *
Пяро на сьнезе
кінула чорная птушка,
каму, як ня мне?
* * *
Так па-японску -
празь белыя жалюзі
глядзець на зіму.
* * *
За вакном ляціць
вечарова-чорны сьнег
праз маю душу.
* * *
На зялёны лёд
бела-жоўты цяжкі сьнег
падае праз дождж.
* * *
Вечар, ліхтары
над пустой дарогаю
нахіліліся.
* * *
Шафа зь люстэркам,
там сьпяць пах нафталіну
і зімовы дух.
* * *
Мяккі сьнег ляціць;
раптам шэры матылёк
у памяці ўзьнік.
* * *
Брудны шэры сьнег
вечаровае сонца
пазалаціла.
* * *
Чужы чалавек
прапанаваў зь ім выпіць
моцнай гарбаты.
* * *
Навокал сьнегу -
ні прайсьці, ні праехаць -
насыпаў люты.
* * *
Цьвярозы мароз,
за лесам вежавы кран,
лілёвы вечар.
* * *
З дачкой на руках
дамоў, на пяты паверх,
падымаюся.
* * *
Чорная кава
астыла канчаткова,
нарэшце - крокі.
* * *
Сьвятло зьбіраю,
каб асьвятляць сьвет сноў
зімовай ноччу.
* * *
Надакучвае
пасылаць падарункі
самому сабе.
* * *
Чорны тэлефон,
як скарбонка, прыхаваў
галасы сяброў.
* * *
На адпачынку
раніцай люблю згадаць
каляровы сон.
* * *
Дваццаць год прайшло,
а ракавіна тоіць
галасы мора.
* * *
Колькі радасьці
яны раней дарылі -
лісты каханкі.
* * *
Чалавечы лёс.
Не хапае нават слоў,
што ні гавары.
* * *
Зараз я сябе
у люстэрку не пазнаў...
Зрэшты, ну і што.
* * *
Добрая душа -
ён і зь дзецьмі гаварыў,
як з дарослымі.
* * *
Гартаю кнігу,
у гармідары літар
зьяўляецца сэнс.
* * *
Нараджаемся,
паабяцаўшы Богу
хутка памерці.
* * *
Самы лепшы верш
запішу на газэце
й шпурну ў сьметніцу.
* * *
Верш на паштоўцы
запісваю алоўкам,
а потым тушшу.
* * *
Чытае хлопчык
гучна, па складах, мой верш,
ніякаватасьць.
* * *
Бяз дай патрэбы
на аловак насадзіў
катушку нітак.
* * *
Некалі ў мяне
плястмасавы чалавек
у скарбонцы жыў.
* * *
Кроплі чарніла
ўпалі на чысты стол -
зорнае неба.
* * *
Ломкі лябірынт
падлічвае памылкі
лягічных крокаў.
* * *
І паміж сяброў
не магу пазбавіцца
адзінотнасьці.
* * *
У прорву часу
ляцяць нашыя крокі...
Рэха, успамін.
* * *
Пыл, пясок, жвір,
жарства, камяні, груды,
горы, сьнег, неба...
* * *
Накіроўваю
ў падземны пераход
свае пакуты.
* * *
Аб кант коміну
разьбіваецца погляд
на рэчаіснасьць.
* * *
Пазабаўляцца б
з такім прывабна-сінім
электрадротам.
* * *
Мэтазгоднасьці
ўказальнік блакітны
не вызначае.
* * *
Адваротная
пэрспэктыва дарогі
сыходзіцца ў сэрцы.
* * *
Памыляюся,
за павелічальным шклом
той жа самы сьвет?
* * *
Хто табе сказаў,
што мінулае маё
не належыць мне?
* * *
А ці трэба па-
мятаць, які зараз дзень,
можа, ведаеш?
* * *
Брат мой гаварыў:
- О, які ён салодкі,
водар атруты...
* * *
Непераможны,
як дух безнадзейнасьці,
смак самагубства.
* * *
Сустракаюцца
не зусім падобныя
і сярод блізьнят.
* * *
Так яно лепей, -
калі ніхто ня прыйдзе.
Крокі пад вакном...
* * *
Два гадзіньнікі
і ніводзін не ідзе.
Як гэта добра.
* * *
У бясконцай чарнаце
бразнуў клямкаю
нечаканы госьць.
* * *
Сталёвы месяц,
жалезабэтонны мост,
срэбная вада.
* * *
Лютаўская ноч,
мароз; а мурын ідзе
без капелюша.
* * *
Не магу заснуць.
Напішу пра галалёд -
астуджу душу.
* * *
Каляровы сон
завітаў сярод зімы -
з кветкамі вяргінь.
* * *
Ноч глыбокая.
Перачытваю наноў
Іса і Басё.
* * *
Не магу заснуць.
Слухаю далёкі гуд
аэрадрому.
* * *
Ці не вар'яцтва -
марыць пра бессьмяротнасьць
лютаўскай ноччу?
* * *
Лётае вецер,
страсае зоры на сьнег,
рыпяць таполі.
* * *
Ідзе гадзіньнік.
А куды? Невядома.
Спыню маятнік.
|