Адам Глёбус
* * *
На рэчку хадзіў
паглядзець, ці замерзла,
чакаю зімы.
* * *
Чужы завулак -
тут нават чырвань цэглы
цяпла ня мае.
* * *
Холад восені,
у вясну ляціць-ляціць
матылёк сухі.
* * *
Ты мяне суцеш,
доўгая дарога да
шэрага неба.
* * *
Лілея ў шклянцы,
дух яблыкаў-антонаў,
сьлёзы каханкі.
* * *
Нашто блукаю
і каго шукаю тут,
сярод туманаў?
* * *
Памажыце мне
каханую забыць, кля-
новыя лісты.
* * *
Сланечнік высах,
ледзь чутны водар мёду
застаўся ў лістах.
* * *
Несупынны дождж,
як дзіця, спадзяюся
на заўтрашні дзень.
* * *
Рукі нямога,
чырвоныя на дажджы,
хутка гавораць.
* * *
На камень-валун
сеў самотны вандроўнік,
халодны вечар.
* * *
Легкаважны дым
не магу ніяк схапіць
за блакітны хвост.
* * *
Як непрыкметна
на вагоннай падлозе
сьлед высыхае.
* * *
Сьпяць дарожнікі,
лыжка ў шклянцы на стале
ўсё зьвініць-зьвініць.
* * *
Так дрыжыць вагон,
што ніводнай літары
роўна не пішу.
* * *
Стаміўся ехаць,
нарэшце, той прыпынак,
дзе ўсе сыходзяць.
* * *
Чаму ж вы, пташкі,
ня зьведалі адзіноты
па-над зямлёю?
* * *
Агарнулі лес
восеньскія халады,
вогнішча кладу.
* * *
Колькі каштанаў
прынёс дадому й расклаў
у кніжнай шафе.
* * *
Паўночны вецер,
дождж, шэрая дарога,
ноч, валацуга.
* * *
За галінамі
чорна-сінімі плыве
белы маладзік.
* * *
Восеньскі ўспамін -
на вясковых могілках
пахіліўся крыж.
* * *
Сталёвы вецер,
коціцца па асфальце
звон кансароўкі.
* * *
Ліхтар, прыпынак,
высачэзная постаць
пад парасонам.
* * *
Не дае заснуць
скразьняк у электрычцы,
бязбожны холад.
* * *
Поўнач у мэтро,
мармуровая сьцяна
слухае мяне.
* * *
Жаданьне - заснуць,
не патушыўшы сьвятла,
глыбокая ноч.
* * *
Спаць і толькі спаць,
больш нічога не хачу;
не магу заснуць.
* * *
Дзьверы зачыніў,
а ў пакоі скразьнякі
не пазьнікалі.
* * *
Халодны пакой,
ціўканьне гадзіньніка
не дае заснуць.
* * *
Дзе падзеўся ты,
ясна-белы маладзік?
Не кладуся спаць.
* * *
Вадкая цемра,
уздыхнула машына,
вуркоча матор.
* * *
Нізкая вярба
ўсё кранае на вадзе
адлюстраваньне.
* * *
Ноччу падаў сьнег,
а нараніцу растаў -
цёплая зямля.
* * *
У чаўне вада,
на вадзе - срэбра поўні
і тонкі лёдзік.
* * *
Вельмі многа сплю,
дык чаму цалюткі дзень
пазяхаецца?
* * *
Далёка ў небе,
марозным сінім ранкам
сканала зорка.
* * *
Квітнее сьліва.
О, не-не - падалося...
Навокал шэрань.
* * *
Дробныя зоры
востра міргалі, золкасьць,
час разьвітаньня.
* * *
Стары чалавек
спытаў у вялікай гары:
- Ці гэта зноў сьнег?
* * *
Цёмны шэры ліст
падае на першы сьнег,
нахіляюся.
* * *
У вакно гляджу,
на стале астывае
шклянка малака.
* * *
Над таполямі
шэра-маціцовае
неба студзеня.
* * *
Сонны настрой -
вуркоча рэпрадуктар,
слоў не разабраць.
* * *
Гляджу на шэрань
і не магу пакінуць
занятак марны.
* * *
Мокрая далонь -
бо на ёй дадому нёс
першы цёплы сьнег.
* * *
Марозны ранак,
двухгадовая дачка
шукае поўню.
* * *
Падняўшы з долу,
павесіў на галіну
дзіцячы шалік.
* * *
Ціха, сьняжынкі
на паркавыя вазы
апускаюцца.
* * *
Надпіс на сьнезе,
вецер схапіў і панёс
белую думку.
* * *
Белая шыба;
сонечны, марозны дзень
толькі пачаўся.
* * *
Шэрань на слупах.
Не спыняецца цягнік
ля вясковых хат.
* * *
Сваім холадам
бела-блакітны аркуш
запалохвае.
* * *
Парэзаў палец,
выціраю цёмную кроў
зь белага стала.
* * *
Згадаю вясну -
сьнег і лёд на імгненьне
зазелянеюць.
* * *
На ўчарнелы парк
зноў зімовыя дажджы
сеюцца штодня.
* * *
За нізкім плотам
цяпла й вясны чакае
гарод пад сьнегам.
* * *
Апякаюць твар
вецер і сьнежаньскі дождж,
лёд на паліто.
* * *
Цаліком іду,
сорак дзён парожняя
дзедава хата.
* * *
Пануе шэрасьць -
на местачковым пляцы
туман адліжны.
|