Адам Глёбус
Хайку, напісаныя на дарогах зь Менску ў Вільню й зь Вільні ў Менск
Студзень
* * *
Насустрач сьнегу
прыдарожны чорны крыж
раскінуў рукі.
* * *
Цячэ дарога
праз шэрае малако
сьнежнай завеі.
Люты
* * *
Чорны сабачка
засьнежанае поле
перабягае.
* * *
Сядзяць на лёдзе
рабакі ў чорных кажу-
хох... Вечарэе.
* * *
Доўгачаканы
горад на даляглядзе
шыбамі зазьзяў.
Сакавік
* * *
Зырка сьвеціцца
на карычневым полі
сьнег у барознах.
* * *
Жоўтыя кроквы
на сакавіцкім сонцы
пахнуць смалою.
* * *
Мястэчка Ракаў
перастаўляла дамкі
паміж гарамі.
* * *
Расклаў селянін
зь леташняга быльнягу
вогнішча ў полі.
* * *
Танчаць за акном
сьветла-малочныя па-
рушынкі сьнегу.
* * *
Празь лес па сьнезе,
заклаўшы рукі за сьпі-
ну, йдзе селянін.
* * *
На тонкай шыбе
мой папяровы анёл
прычакаў вясну.
* * *
Сьнег сышоў, а сад
у лагчыне між грудоў
усё яшчэ сьпіць.
* * *
На жоўтым полі
лапік сьнегу растае --
гарыць на вачах.
* * *
На ровары праз
возера хутка едзе
па лёдзе рыбак.
Танку й хайку, напісаныя ў паветры ў дарозе зь Менску ў Маскву
* * *
Цёмна-сіняе
самалётнае крыло
лёгка ўдрыгвае
над засьнежаным полем,
далёкім, як Радзіма.
Красавік
* * *
Чытаючы Кёсі
Падаецца мне,
гэта ластаўка ў небе
займела душу.
* * *
Зусім павольна
па сьцяжыне праз могілкі
іду да сваіх.
* * *
Адбіваюцца
тонкія бярэзіны
ў сінім возеры.
* * *
Іду нясьпешна
па вільготных імхах, праз
красавіцкі лес.
* * *
Мытня на мяжы.
З маленькай сіняй хмары
раптам сьнег пайшоў.
* * *
На Кальварыі.
Маўчаньне старых крыжоў
пад голым клёнам.
* * *
Красавіцкі сьнег --
густы, вільготны, цяжкі --
ляціць на Вільню.
* * *
Прыгадваецца
папяровы караблік,
гляджу на ручай.
* * *
Сонца. Вялікдзень.
П'яніца на дарозе.
Другі, трэці, чаць...
* * *
Сьцюдзёны вецер.
У будцы хаваюцца
міліцыянты.
Ліпеньскія хайку
* * *
Сонечны ранак
лебедзі на возеры
зьнерухомелі.
* * *
Прадавец павет-
раных зьмеяў гандлюе
на скрыжаваньні.
* * *
На ўскрайку вёскі
недабудаваны дом
мокне пад дажджом.
Верасьнёвыя хайку
* * *
Вецер забаўля-
ецца зь пёркамі на гру-
дзях у сініцы.
* * *
Малюю клёны —
залатую расхрыста-
насьць на могілках.
Чэрвеньскія хайку
* * *
Гудзеньне чмяля
аціхае-зьнікае
ў мядовай траве.
* * *
То ён тутака,
то ён тамака — голас
лёгкай ластаўкі.
Сьнежаньскія хайку
* * *
Сонечны мароз,
а завіруха ў полі
надрыўна гудзе.
* * *
Самотны хлопчык
будуе са сьнегу і
лёду цытадэль.
|