Чаканьне Калядаў
Мы чакалі Калядаў з маленства
І ніяк не маглі дачакацца
Тату трэба было на работу
Маці трэба было на працу
А Гагарын ляцеў на ракеце
Па-над нашым дваром ды садам
Мы глядзелі усьлед са зьдзіўленьнем
І міжволі чакалі Калядаў
Мы ўвосень падпальвалі лісьце
Мы ўзімку хварэлі на глянды
І прыклаўшы далоні да вуснаў
У цямрэчы чакалі Калядаў
Мы пісалі ў школе дыктоўкі
Нас вадзілі глядзець на парады
Прафсаюз выдаваў карамэлькі
Мы бралі і чакалі Калядаў
Нам даводзілі, хто мы і што мы
Нас вучылі выконваць загады
Нам казалі, ды мы ня чулі
Мы ўпотай чакалі Калядаў
Мы рабілі высновы хутка
Мы павольна сьпявалі баляды
Мы назлосьць валасы расьцілі
І ўпарта чакалі Калядаў
Што з таго, што ўсё гэта зьнікла
Быццам бурбалкі ад ліманаду
Засталіся сям'я ды дзеткі
Засталося чаканьне Калядаў
Засталіся сябры ды праца
А адзін, дык "вабшчэ" ў Канадзе
Мы на сьвяты дашлем паштоўку
Будзем разам чакаць Калядаў
Позна ў вечары посуд памыем
І пакінем, каб сохнуў на тацы
Мы чакаем Калядаў з маленства
І ня можам ніяк дачакацца
|