Адам Глёбус
* * *
Сухая трава
ціха шэпча пад ветрам
песьню пра лета.
* * *
Чорная каза
жоўтым вокам зіркае
на гаспадара.
* * *
Зь берага камень
спаўзае ў ваду вельмі-
вельмі павольна.
* * *
Каляровае
паветра Эстоніі
пахне трэскамі.
* * *
Дарога ў полі,
фурманка, стары чалавек,
кола скрыгоча.
* * *
Мэтрапалітэн,
у чаканьні цягніка
разглядваю столь.
* * *
Гутарка дзяцей,
хутка і мая дачка
гаварыць пачне.
* * *
Зь лёгкім сумам
трываю галаўны боль,
вясновы ветрык.
* * *
Самотны груган
нізкую аблачынку
зачапіў крылом.
* * *
Сьпілаваны сук
на сухі асфальт упаў -
безнадзейны хруст.
* * *
Вечар, парк стары,
шоргат старэчых крокаў,
азіраюся.
* * *
Перакулены
сьвет у калюзе жыве...
Шпурляю камень.
* * *
Качкі і кірлі
лунаюць над вадою
цёмнай Сьвіслачы
* * *
У пясочніцы
алавяны салдацік
пад дажджом заснуў.
* * *
Дзе схавалася
за вясновай смугой
маё юнацтва?
* * *
Сшытак бэзавы
набыў, а што запісаць
і ня ведаю.
* * *
Вечар. Мястэчка.
Каля кожнай хаты
сьлівы красуюць.
* * *
Маленькі пакой,
фотаздымкі на сьцяне -
твары знаёмых.
* * *
Набліжаюцца
хмурынка і маладзік,
аддаляюцца.
* * *
Атрутны водар
магноліі напоўніў
маёвую ноч.
* * *
Малады ліхтар,
ты, напэўна, першы з нас
павітаесься.
* * *
Рэдзенькі блакіт
і празрыстая поўня
над даляглядам.
* * *
Кардыяграма
на стужцы папяровай,
доўгай, бясконцай...
* * *
Гартаю кнігу,
не чытаю, а гляджу
рэпрадукцыі.
* * *
Навальніца, дождж,
плачуць-плачуць ліхтары
сьветлымі сьлязьмі.
* * *
Гляджу на поўню
праз агеньчык запалкі -
маленечкая.
* * *
Жаданьне заснуць?
Не! Жаданьне прачнуцца
і не засынаць.
* * *
Дом над вадою...
О, колькі сноў вяртае
мяне ў гэты дом.
* * *
Ты не гавары,
што ня хочаш спаць зусім
і ня любіш сон...
* * *
Наліваецца
лякам цёплым, залатым
ліст магноліі.
* * *
Сёньня чуйна спаў,
слухаў празь няпэўны сон
шолах дажджавы.
* * *
Знайшоў у лесе,
зьбіраючы суніцы,
драўляны гузік.
* * *
Залаты трысьнёг
сее кропелькі расы
ў сінюю ваду.
* * *
Выпаўзла жабка
з-пад вільготных камянёў
муху ўпаляваць.
* * *
Гладыёлусы,
захутаныя ў марлю,
едуць на кірмаш.
* * *
На суседзкі плот
верабей пераляцеў
зь яблыні маёй.
* * *
Невялікі сад,
маладзіца босая
яблык-штрыфель есьць.
* * *
У калянадзе
прыемна схавацца -
сонечны ранак.
* * *
Высокая столь,
блакітныя шпалеры,
сіні матылёк.
* * *
У маім двары
сітаўка блакітная
скача па пяску.
* * *
Рукі кабеты
над дзіцячай калыскаю,
чалавечы сьвет.
* * *
Бруіцца вецер -
засыпаючы сьляды -
пясок бруіцца.
* * *
Каля дзяржбанку
на пыльным тратуары
знайшоў капейку.
* * *
Па рудой сьцяне
жучок паціху паўзе,
лета ажыло.
* * *
Белае неба,
а ў ім шэры матылёк
уздымаецца.
* * *
На яркім сонцы
крухмальныя карункі
фіранак сьнежных.
* * *
Пыльныя пальмы
высахлымі лістамі
ледзь-ледзь варушаць.
* * *
Белакрылая
кветка вэнтылятара
на вакне расьце.
* * *
Кавярня ў вежы,
музыка, млявасьць, кава.
Шэры, спакойны дзень.
* * *
Уздоўж прыбою,
бязгучна, па каменьні
ляціць цень кірлі.
* * *
Паласатая
яшчарка са сьцяжыны
ўцякае ў траву.
* * *
Які вялікі
ліст! Ня знойдзецца кнігі
такі засушыць.
* * *
Колькі матылькоў
віецца над чаромхай
каля альтанкі.
* * *
Высокі комін,
аблокі доўгія плывуць,
талінскі вецер.
* * *
Дапамагаю
выпаўзьці з-пад лісточка
божай кароўцы.
* * *
У белым небе,
о, як высока, як шмат
зялёных шышак.
* * *
На веях маіх
зьнікае сонечны пыл,
вецер у хмарах.
* * *
Сьпёка, на дварэ
селі курыцы купацца
у гарачы пыл.
|