Андрэй Хадановіч Басё Сяргей Патаранскі Андрэй Антонаў Уладзімер Арлоў Адам Глёбус Максім Клімковіч Максім Танк Уладзімер Сіўчыкаў Уладзімер Сьцяпан Міраслаў Шайбак Віктар Шніп [Беларускі авангард] хоку вершы гасьцёўня пра праект
  
  [Беларускі авангард]
  
  
 
  хоку  
 
   
   
   
   
   
   
   
   
   
   
   
   
   
   
 
[łacinkaj]






 

Адам Глёбус


* * *
Кропля падае
на лілёвы цёмны лёд
і плыве ў вясну.



* * *
Ціха, сьнег ідзе,
Толькі каляндар сказаў -
надыйшла вясна.



* * *
Вясновым ранкам
паліць у парку сьмецьце
малады салдат.



* * *
Чорная ліпа,
спавітая слатою,
чакае цяпла.



* * *
Вежы аблокаў
над каменнай гарою
заружавелі.



* * *
Раніца ў шыбу
ціха пастукалася...
Пара над кавай.



* * *
Блакітны ранак,
апрану ўсё новае
у гонар вясны.



* * *
Першы дзень вясны,
трэба ўмывацца сьнегам
з самай раніцы.



* * *
Ранак, варэльня,
горка-салодкі водар -
кубачак кавы.



* * *
Лапкі ядлоўца
і пралескі на стале
ў шкляначцы з вадой.



* * *
Капеж, дворнікі
на даху рыдлёўкамі
сякуць ледзяшы.



* * *
Хваёвы водар,
кедравая ігліца
блішчыць на сонцы.



* * *
Стаю на вежы
з выбітымі шыбамі,
над нашым сьветам.



* * *
Над могілкамі
хмары плывуць няспынна.
Сыходзяць сьнягі.



* * *
Шукаюць вочы
сярод жоўтых аблокаў
дарогі, птушак.



* * *
Дастаю штодня
водар сьвежай газэты
з паштовай скрыні.



* * *
За вакном сьнег.
Кубачак гарачай кавы
гатую сабе.



* * *
Сонечны ранак,
жаўтавокая котка
выйшла з пад'езду.



* * *
Ранак, парк стары,
узьлятаюць галубы -
ледзь чутны ветрык.



* * *
Паралеляграм
сонечны на шпалерах,
вясновы ранак.



* * *
Адчыніў дзьверы -
скразьняк прынёс духмянасьць
травы і бэзу.



* * *
Шэрую траву
вецер цёплы і сухі
на асфальт прынёс.



* * *
Шчыліны ў плоце -
пасечанае сьвятло
ляжыць на зямлі.



* * *
Сонца, капяжы,
але калюгі ўначы
павымярзалі.



* * *
Еду ў трамваі,
паўпустым і халодным,
на кніжны кірмаш.



* * *
Блакітна-шэры
кавалак тынкоўкі
разломліваю.



* * *
Парушыначка
трапіла ў вока маё -
вокамгненны боль.



* * *
З кнігаю ў руцэ
наведваю кавярню,
накрапвае дождж.



* * *
Першы дзень, калі
лёду няма на ганку.
Сьціхлі капяжы.



* * *
Сонечны настрой
па вільготным пяску
разьліваецца.



* * *
Надыходзіць час
занесьці на сьметнік
зімовыя боты.



* * *
Вецер. Груд. Вясна.
Як вуркочуць галубы
слухаў і маўчаў.



* * *
Шэра-жоўты сьнег
плямамі ў полі ляжыць,
вецер гоніць пыл.



* * *
Шалахнуўся куст,
зашчабятала птушка...
Ізноў цішыня.



* * *
Побач з дарогай
доўгія, нежывыя
трубы ляжалі.



* * *
Сухое дрэва.
Прыляцелі вераб'і -
пошчак, мітусьня.



* * *
Сіні аўтобус
спыніўся й павітаўся
з жоўтым дзьмухаўцом.



* * *
Кветачку набыў,
а каму падараваць
так і не знайшоў.



* * *
Пасыпаўся дождж:
на інжыры вераб'і
зашчабяталі.



* * *
Ідуць насустрач
людзі, хаваючы твары
ад ветру і дажджу.



* * *
Шклянка на стале.
У празрыста-шэры цень
муха запаўзла.



* * *
Ціха, сьпіць дачка
ў пакоі, а за вакном
дробны дождж ідзе.



* * *
Каля бардзюраў,
на асфальце растаюць
кавалкі лёду.



* * *
Быкі на бойні:
чорныя сьлёзы ў вачах,
цяжкі дух крыві.



* * *
Старое дрэва
пяшчотныя лісточкі
паўпрыгожылі.



* * *
Ружовы камень
на зялёнай траве...
Шукаю словы.


[1] [2] [3] [4] [5] [6] [7] [8]


  
  
  [хоку] [вершы] [гасьцёўня] [пра праект] [галоўная] [наверх]  
  
  

  
Hosted by uCoz